ЛАЦІ́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Раманія,
феадальная дзяржава ў 1204—61, створаная на тэр. Візантыі пасля заваявання Канстанцінопаля ўдзельнікамі 4-га крыжовага паходу. Л.і. ахоплівала раёны Балканскага п-ва, ПнЗ М. Азіі, а-вы Эгейскага і Іанічнага мораў. Найбольшымі феад. ўладаннямі былі каралеўства Фесалонікі, Ахейскае княства, Афіна-Фіванскае герцагства і інш. Феад. закабаленне сялян, нац. і рэліг. (актыўны наступ каталіцызму) уціск выклікалі супраціўленне мясц. насельніцтва, што перашкодзіла крыжакам заваяваць усю тэр. Візантыі. У выніку сталі ўзнікаць самаст. грэч. дзяржавы (напр., Эпірскі дэспатат, Трапезундская імперыя, Нікейская імперыя). Унутр. разлады, канфлікты з суседзямі аслаблялі Л.і., і яна паступова страчвала ўладанні. У 1206 балг. войскі пад Адрыянопалем нанеслі паражэнне крыжакам і спынілі іх далейшую агрэсію на Балканах. У 1261 войскі Нікейскай імперыі на чале з Міхаілам VIII Палеалогам (гл. Палеалогі) авалодалі Канстанцінопалем і паклалі канец існаванню Л.і. Візантыйская імперыя была адноўлена.
Літ.:
История Византии. Т. 3. М., 1967.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 9, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)